Матэрыял з Вікіпедыі
Паводле пісьмовых крыніц Стадолічы вядомая з XVI стагоддзя як вёска ў Мазырскім павеце Мінскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага, уласнасць царквы. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) у складзе Расійскай імперыі. У 1864 годзе адкрыта народнае вучылішча. У 1866 годзе працавала царква. Уваходзіла ў склад маёнтка, якім у 1874 годзе валодаў памешчык Болатаў. Паводле перапісу 1897 года вялася распрацоўка і продаж лесу. У 1908 годзе ў Буйнавіцкай воласці Мазырскага павета Мінскай губерні. Паралельна з народным вучылішчам дзейнічала царкоўна-прыхадская школа, якая размяшчалася ў наёмнай сялянскай хаце.
З 20 жніўня 1924 года цэнтр Стадоліцкага сельсавета Лельчыцкага, з 25 снежня 1962 года-Мазырскага, з 6 студзеня 1965 года Лельчыцкага раёнаў Мазырскай (да 26 ліпеня 1930 году, з 21 чэрвеня 1935 года па 20 лютага 1938 года) акругі, з 20 лютага 1938 года Палескай, з 8 студзеня 1954 года Гомельскай абласцей.
У 1929 годзе арганізаваны калгас «XV з'езд ВКП(б)Б», працавалі паравы млын і кузня. Падчас Вялікай Айчыннай вайны ў ліпені 1943 года акупанты спалілі вёску і забілі 58 жыхароў. У памяць 176 жыхароў вёсак Стадолічы, Заброддзе і Ручное, якія загінулі на франтах і ў партызанскай барацьбе, на заходняй ускраіне у 1967 годзе ўсталяваны абеліск. Паводле перапісу 1959 года цэнтр калгасу «Шлях Ільіча». Размешчаны лясніцтва, швейная майстэрня, сярэдняя школа, Дом культуры, бібліятэка, дзіцячы сад, фельчарска-акушэрскі пункт, ветэрынарны ўчастак, аддзяленне сувязі, 3 крамы.